***
Навакол – зямная прахалода.
Дождж пайшоў спаволенай хадой.
І сады ўздыхнулі, і гароды,
Дажджавой абмытыя вадой.
Ажылі прывялыя ўжо травы,
Кветкі ўверх прыўзнялі галаву,
І дубок маленькі кучаравы
Нібы шэпча некаму: “Жыву!”
Сінява выглядвае з-за хмары,
Бы чакае вызвалення міг.
Хутка сонца зноў загаспадарыць
На абшарах вечнасці сваіх.