Кастусю Каліноўскаму
Вяртаюся я ў даўнасць. Прыходжу, як на суд.
Нясу свае ўчынкі, і клопаты нясу.
Трывожныя эпохі... Гарачыя крыжы...
Ці горача я верыў і ці трывожна жыў?
Распятыя за сёння, узнятыя, як сцяг, —
Вы верылі да скону ў сонечны працяг.
Ішлі гады, міналі, ды велічы парыў
Няслі ў сэрцах мужных другія бунтары.
Агнём палае неба, і водбліск — у вачах,
Магчыма, дзень пачаўся,
магчыма, дзень зачах?
Заве ў даль дарога, да строгай вышыні,
Пачатак ёй пакладзены ва ўчарашнім дні
...Вяртаюся я ў даўнасць.
Прыходжу, як на суд.
Нясу сваю трывогу, сумленні ўсе нясу.