Ці жыве Беларусь?
Спадары, адкажыце.
Гэтак лёгка крычаць, што жыве...
Чорны знак у траве!
Чорны прывід у жыце!
I да мовы ніяк не дайсці!
I пануе брыдота ў жыцці!
Як жа быць, як жа жыць,
навучыце.
Мо часовы этап?
Хай жа Бог дапаможа.
Будзем верыць у лепшы наш лёс...
Ды ад гэтых вось слёз
Уцячы як мы зможам,
Што Чарнобыль прынёс і нясе?
Мы пад зоркаю страшнай усе!
Дык крычыце ж «Жыве!»
асцярожна...
Ці жыве Беларусь?..
Не, яшчэ не памёрла.
Вырываецца з цяжкіх гадоў,
З-пад ярма і акоў!
З перарэзаным горлам!
Задыхаецца ў подлай маралі,
Што за гербам краіны схавалі
Д'яблы хцівыя ў скурах
анёлаў!