Ссохлая груша стаіць сірацінай.
Галіны,як рукі бабулі старой.
Апошнія ўжо дажывае часіны
Сэрца жывое пад шэрай карой.
Вецер,што некалі быў закаханы,
У квецені белым яе засынаў,
Душу атруціў нягодным падманам,
Лісце растрос і галіны зламаў.
Ёй абыякавы позірок кідае,
Гне і хістае,і хоча зламаць,
Апошнія сілы яе адбірае,
А дрэвы не могуць ад болю крычаць.
Юную вішню-ахвяру чаруе,
Шэпча ёй нешта вясновай парой.
Яму ўсёроўна,што нехта гаруе.
Што сэрца жыве пад шурпатай карой.