Як адбіткі вякоў, як пабыткі,
Што не ў сілах здалець і смуга -
Легендарныя коні і світкі,
Вышываная - кроўю - сцяга...
Нашы плечы ў баях не паслаблі,
Хоць крышыў іх нягодны віхор.
Чаратамі - сталёвыя шаблі
Над прадоннем былінных азёр.
Наша моц гартавалася ў буры,
На гарачых кастрах пачуцця.
...Неабутыя славы катурны
Пры высокім дыханні жыцця.
Песня й праўда - бясцэнныя зліткі!
(Чужакам хай пасвецяць рублі.)
Легендарныя коні і світкі -
Ўсё разбуджана гулам зямлі!
На паверцы стаім, на паверцы,
Растапляючы камень і лёд.
І прасвечваюць нашыя сэрцы
Каліноўскі. Купала. Народ.